«МИ́НСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйная газета. Выдавалася ў 1838—1917 у Мінску губ. праўленнем на рус. мове 1—2 разы на тыдзень. Мела афіц. і неафіц. часткі з дадаткамі. Неафіц. частка выдавалася таксама пад назвай «Минские ведомости». У афіц. частцы друкаваліся ўрадавыя паведамленні і ўказы, аб’явы і распараджэнні губ. улад, у неафіц. — паведамленні пра розныя падзеі і незвычайныя здарэнні (адкрыццё ў Мінску публічнай б-кі імя А.С.Пушкіна, пра Мінскі т-р, пажары і інш.), матэрыялы гіст., статыстычнага, этнагр. характару [«Мінск, яго мінулае і сучаснасць», 1891; «Статыстычныя звесткі пра Пінскі павет», 1847; «Статыстычныя звесткі пра Мінскую губерню», 1850; «Вясельны абрад у вёсках Навагрудскага павета» М.А.Дзмітрыева, 1861; «Вясельныя звычаі і абрады простага люду ў Барысаўскім павеце» Ш-віча, 1865; «Гістарычны нарыс Мінскай губерні», 1866; «Нарысы Беларускага Палесся», 1868—69; «Гістарычны нарыс мястэчка Турава, былой сталіцы Тураўскага княства» М.Гаўсмана; «Тураў і Тураўшчына», «Гістарычны нарыс Навагрудка» (усе 1877); «Рэчыца», 1880; «Беларускія народныя песні», 1891, «Прыгоды Яначка» (бел. легенда) М.Каханскага (А.Н.Е-ва), «Нарыс археалагічных помнікаў на прасторы Мінскай губерні...» Г.Х.Татура, 1891—92, і інш.].
Літ.:
Улащик Н.Н. «Минские губернские ведомости» как исторический источник // Проблемы источниковедения. М., 1959. Сб. 7.
Я.С.Умецкая.
т. 10, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)